Сайт команды
Форум
IQ club, Могилев, Республика Беларусь
IQ club
Новости  .:.  О команде  .:.  Могилевские турниры  .:.  Рейтинг команд БЛИК  .:.  Публикации  .:.  Вопросы  .:.  Ссылки  .:.  Гостевая книга

Заочный чемпионат Беларуси по интеллектуальному марафону

Первый тур

26 октября 2003 г.

Шаноўныя знатакі! Каманда "МІФ" прапануе вашай увазе пакет з 30 пытанняў на беларускай мове: 3 туры па 10 пытанняў у кожным. Пытанні не абмяжоўваюцца выключна беларускай тэматыкай, а таму і вашыя адказы, акрамя асобна абгавораных выпадкаў, будуць прымацца на любой з дзвюх дзяржаўных моваў РБ. Адразу хочацца папрасіць прабачэння за некаторы "гуманітарна-філалагічны ўхіл" пакету, але тут ужо нічога не паробіш: якія кнігі чытаюцца - па такіх крыніцах і пытанні пішуцца! Удзельнікі фестывалю "Несцерка-2003" ужо сутыкнуліся з турам беларускіх "бяскрылак". Мы вырашылі ўключыць тры "бяскрылкі" і ў гэты пакет - па адной на кожны тур. Аўтары пакету - Марыя Мартысевіч, Марына Шода, Міхась Дзёмін і Андрэй Хадановіч - а таксама ўсе ўдзельнікі каманды "МІФ" шчыра жадаюць вам ні пуха, ні пяра!

	
Першы тур:

  1. Апошнім часам у знатакоў увайшлі ў моду так званыя "бяскрылкі". Закончыце 
праз хвіліну двума радкамі такую:
         "Вёска ў хваляванні:
         Піянер Гарохаў
         Дзікім паляваннем
         Запалохаў лохаў.
         Сцены - мат на маце…
         Падпаліў салому…"
   Адказ: "Не сядзіцца ў хаце
   Хлопчыку малому". (Якуб Колас. Чытайце беларускае!)
   © Андрэй Хадановіч.
         
  2. На адным з беларускіх інтэрнэт-форумаў наведніца напісала, што яе маці 
калісьці саромелася свайго дзявочага прозвішча "Гугля". Іншы наведнік адказаў на 
гэта, што прозвішча Гугля гучыць для яго вуха больш міла, чым два расійскія 
прозвішчы.
  Пытанне: Якія?
  Адказ: Яндэкс і Рамблер (Яндекс і Рамблер, Yandex і Rambler залічваюцца. 
Маюцца на ўвазе інтэрнэт-пашукавікі  google.com, yandex.ru, rambler.ru ). 
  Крыніца: ФРАШКІ ДА ПЛЯШКІ http://www.litara.net/forum/248/all
   © Марыя Мартысевіч. 
  
  3. Гэты былы футбольны варатар з правінцыйнага польскага мястэчка сёння 
вядомы настолькі, што ў яго гонар даўно сталі называць дзяцей, многія з якіх пасля 
таксама сталі спартсменамі. 
  Пытанне: А назавіце самага хуткага сярод усіх яго цёзак-спартсменаў.
  Адказ: Хуан-Пабла Мантойя.
  (А гаворка йшла пра Яна-Паўла ІІ, чыё імя па-іспанску гучыць "Хуан-Пабло". У 
Лацінскай Амерыцы, напрыклад, яго ўшаноўваюць так:
                "Хуан-Пабло! Сэкундо!
                Тэ к'еро тоталь мундо".)
   © Андрэй Хадановіч.

  4. Здараецца так, што народныя прыказкі праз стагоддзі пачынаюць успрымацца 
зусім па-іншаму. Напрыклад, гэтая прыказка спачатку была скіраваная супраць 
адного зла, а цяпер можна падумаць, што яна змагаецца адразу з дзвюма 
негатыўнымі з'явамі. Вось гэтая прыказка: "Хто… /слова прапушчана/ - таго да 
пекла тураць, а хто… /яшчэ адно слова прапушчана/ - той сам да пекла трухае".
  Пытанне: Устаўце два прапушчаныя словы.
  Адказ: "курыць" і "нюхае". (Прыказка скіраваная супраць аматараў тытуню ўва 
ўсіх выглядах.)
  Крыніца: ARCHE. Слоўнік Свабоды. №7, 2000. С. 135.
   © Андрэй Хадановіч.

  5. Французскі пісьменнік Шарль Сарэль у сваім рамане апісвае, між іншым, і 
побыт вучняў 17 стагоддзя, замкнёных у школе і ўдзень, і ўначы. Герой прыходзіць 
да высновы, што ўсе словы, якія апісваюць беды шкаляроў, пачынаюцца на літару 
"к". Вось гэты спіс, вядома ж, у перакладзе: "катаванні, кара, карцэр, крохатныя 
кавалачкі…"
  Пытанне: Закончыце спіс адной з найжахлівейшых бедаў.
  Адказ: клапы. (Іншыя "пасцельныя паразіты" не прымаюцца.)
  Крыніца: Шарль Сорель. Правдивое комическое жизнеописание Франсиона. М., 
1990. С. 143.
   © Андрэй Хадановіч.
  
  6. Гэтыя два падобныя па гучанні словы прыйшлі да нас з англійскай мовы. Яны 
часта сустракаюцца ў жаночых глянцавых часопісах, бо абазначаюць два 
папулярныя ў сучасных жанчын заняткі. А адзін з такіх часопісаў напісаў, што гэтыя 
заняткі можна сумясціць. Для гэтага падчас аднаго з іх трэба раўнамерна 
размеркаваць цяжар у руках і незаўважна для навакольных людзей павольна 
паціскаць плячыма, нібыта кажучы "не ведаю".  
  Пытанне: Назавіце абодва заняткі.
  Адказ: Шэйпінг і шопінг.
  Крыніца: Seventeen, расійскае выданне. Верасень 2003. С.26
   © Марыя Мартысевіч.

  7. Як вы добра ведаеце, па Беларусі доўгія гады праходзіла рыса аседласці. У 
выніку многія яўрэі бралі сабе прозвішчы па назвах гарадоў, дзе жылі. Вось і 
прозвішча гэтага шоумена з іміджам інтэлектуала, а з нядаўняга часу яшчэ і 
рэжысёра, вядомага фільмам "Пастух сваіх кароваў", не мае ніякай сувязі з вядомым 
ангельскім лордам. Бо прозвішча гэтае ў Беларусі давалі жыхарам аднаго гораду. 
  Пытанне: Назавіце гэтае прозвішча і гэты горад.
  Адказ: Гардон (Гордон) і Гродна (Горадня, Гародня). (А Джордж ГОРДАН Байран 
тут ні пры чым.)
  Крыніца: Имена: краткая еврейская энциклопедия //Имя твое. Иерусалим, 1993. 
С.4, http://www.gordon.ru
   © Марына Шода.
  
  8. Даследчыкі Андранік Антанян і Алесь Белы лічаць, што ў верасні 1900 г. ён сеў 
на таварна-пасажырскі цягнік №8 Палескай чыгункі ў Баранавічах-Палескіх а 3.43 
(альбо а 3.45) раніцы. Праз некаторы час па ад'ездзе ён назіраў узыход сонца і а 9.50 
раніцы паспяхова прыбыў на месца прызначэння.
  Пытанне: Назавіце яго і месца прызначэння.
  Адказ: Дзядзька Антось і Вільня. (Проста "дзядзька" без імені не прымаецца.)
  Крыніца: Спадчына, №4, 2002. С. 30.
   © Андрэй Хадановіч.

  9. Падчас экскурсіі па Беларусі аўтарка пытання ўбачыла дарожны знак, якога 
пасля не знайшла ў Правілах дарожнага руху РБ. Выглядаў ён так: на белым фоне ў 
чырвоным коле перакрэслены сілуэт чалавека на кані. 
  Пытанне: Назавіце аб'ект, непадалёк ад якога гэты знак быў пастаўлены.
  Адказ: Вятрак ("млын", "ветраны млын", "ветряная мельница", "ветряк" - таксама 
прымаюцца.)
  Крыніца: Дарожны знак "Дон Кіхотам праезд забаронены", які стаіць непадалёк 
ад ветрака ў музеі народнага побыту Дудуткі, вабячы да сябе турыстаў.
   © Марыя Мартысевіч.
  
  10. У польскім горадзе Мальбарку ёсць замак, які пабудавалі яшчэ рыцары-
крыжакі. Цяпер у замку музей. Музейныя супрацоўнікі старанна аднаўляюць 
атмасферу сярэднявечча. Дакладнасць некаторых деталяў проста ўражвае. 
Напрыклад, у замку ёсць пакой, дзе сярод нешматлікіх дэталяў інтэр'еру 
прыцягваюць увагу палічкі, на якіх ляжаць свежыя лісты капусты. 
  Пытанне: А што гэта за пакой?
  Адказ: Прыбіральня. (Прымаецца "туалет", "сарцір", "WC" etc.)
  Крыніца: з прыватных назіранняў у Мальбарку.
   © Марына Шода.



Другі тур:

  11. Мабыць, феміністкі маглі б пакрыўдзіцца на нас за такую "бяскрылку". Тым 
не меней, мы прапануем вам закончыць яе:
           "Самнамбулічная жанчына
           І ў сне пракорміць мужыка:
           І гнецца машынальна спіна…"
  Пытанне: Закончыце.
  Адказ: "…І тчэ забыўшыся рука". (Максім Багдановіч. Чытайце беларускае!)
   © Андрэй Хадановіч.
  
  12. Увага, анекдот! Нейкi нарвежскі пісьменнік напісаў кнігу, прысвечаную 
змаганню маленькага нарвежскага хлопчыка з сваімі дзіцячымі жахамі. 
  Пытанне: А як гучыць назва гэтай кнігі, калі ў ёй фігуруе імя хлопчыка і яго 
галоўны жах?
  Адказ: "Ёхан і Бабай".
   © Марына Шода.
  
  13. У ЗША яго называюць "псіхам", "сюррэалістам" і "еўрапейцам па духу". На 
пачатку яго самы вядомы шэдэўр праваліўся. І абурэнню амерыканскіх хатніх 
гаспадынь проста не было межаў. Мяркуйце самі: ахвяра не грэбавала какаінам і 
брудным сэксам, а персанажы твору, як апошнія інтэлектуалы, цытавалі Персі Бішы 
Шэлі, да таго ж у фінале зло трыумфуе над дабром, чаго ў ЗША не любяць. Супраць 
гэтага твору нават былі дэманстрацыі пратэсту. Іх удзельнікі мелі плакаты, налепкі і 
майкі з надпісам, які хутка стаў устойлівай абрэвіятурай: WKLP ("дабл ю" - "кей" - 
"эль" - "пі").
  Пытанне: Расшыфруйце (па-ангельску альбо ў перакладзе) гэтую абрэвіятуру.
  Адказ: "Who killed Lora Palmer?" ("Хто забіў Лору Палмэр?")
  (А гаворка, вядома ж, пра Дэвіда Лінча і яго серыял "Твін Пікс".)
  Крыніца: Студэнцкая думка. №9, 2003. С. 16.
   © Андрэй Хадановіч.
  
  14. Гумарыст Марцін Коўзкі напісаў вершаваны ліст рабочым гэтага 
прадпрыемства. Вось яго заканчэнне: 
  "Час, як яго ні сціскалі, 
  мінулае з прышлым звязаў. 
  Колькі пройдзена, перажыта, 
  і я вам скажу адкрыта, 
  я б даўно ўжо вашу назву - камбінацыю з трох літар - 
  на роднае слова змяняў".
  Пытанне: А якому прадпрыемству з рускамоўнаю назвай быў адрасаваны ліст?
  Адказ: Заводу "Луч".
  Крыніца: Марцін Коўзкі. Доля праўды. Мн., 1995. С. 41.
   © Андрэй Хадановіч.

  15. У польскай пісьменніцы Анны Бжэзіньскай ёсць цыкл казачна-фантастычных 
апавяданняў. У адным з іх расказваецца пра маладога князя, які марыў перанесці 
праз ручай ведзьму, каб тая выканала тры жаданні. Сярод жаданьняў была мара 
сустрэць прыгожую князёўну ці каралеўну, якая стала б добрай жонкай. Вось і 
сядзеў князь на беразе ручая і чакаў, калі ж да броду падыдзе ведзьма. 
  Пытанне: А чым ён займаўся, каб не губляць часу?
  Адказ: Цалаваў жабак.
  Крыніца: Anna Brzezi?ska. Opowie?ci z Wil?y?skiej Doliny. Brok, 2002. S. 86.
   © Марына Шода.

  16. Як піша "Слоўнік Свабоды", гэтай абрэвіятуры ў нашых слоўніках не было, 
хоць тое, што ёй абазначалася, на вялікі жаль, праіснавала ў нас тры чвэрці ХХ 
стагоддзя, кіруючы ўсім, чым магчыма. Можа, невыпадкова, што з літар гэтай 
абрэвіятуры пачынаецца толькі адзін беларускі дзеяслоў, які ў пераносным сэнсе 
азначае "не даваць спакою, мучыць нападкамі, пераследаваць".
  Пытанне: Што гэта за абрэвіятура?
  Адказ: ЦК. (А дзеяслоў - "цкаваць".)
  Крыніцы: ARCHE. Слоўнік Свабоды. №7, 2000. С. 192; Тлумачальны слоўнік 
беларускай мовы. Т. 5. Мн., 1984. С. 250.
   © Андрэй Хадановіч.

  17. Наступнае пытанне задае наш славуты магнат Караль Радзівіл па мянушцы 
"Пане Каханку": Гэтая дэталь сустракаецца ў шматлікіх карцінах Марка Шагала. З 
аднаго боку, яна служыць напамінам пра беднае віцебскае дзяцінства будучага 
мастака і прафесію яго бацькі. З другога боку, яна сімвалізуе няўмольны час, які 
вечна выслізгвае з рук, калі хочаш яго ўтрымаць.
  Пытанне: што гэта за дэталь?
  Адказ: "селядцы", але "рыба" таксама прымаецца. (Бацька Марка Шагала 
сапраўды працаваў разносчыкам селядцоў у Віцебску. А магнат Караль Радзівіл па 
мянушцы "Пане Каханку" некалі любіў хваліцца сваім уяўным раманам з русалкаю 
на Адрыятычным моры, вынікам чаго было, маўляў, нараджэнне 100 тысяч 
селядцоў. Пра што і песня Лявона Вольскага з альбому "Крамбамбуля: "А пане 
Каханку спаткаўся з русалкай,//І вынікам шлюбу былі селядцы".)
  Крыніца: Спадчына, №4, 2002. С. 8-9.
   © Андрэй Хадановіч.

  18. Усходнія суседзі Беларусі для назвы гэтага выкарыстоўваюць слова з 
паўночнага дыялекту гэтай краіны. Далёкія заморскія і заакіянскія аматары таго ж 
самага карыстаюцца словам з паўднёвага дыялекту. А нашыя заходнія суседзі 
дадаюць да слова з паўдневага дыялекту яшчэ і лацінскі корань. Мы, у залежнасьці 
ад жадання, карыстаемся і ўсходнім, і заходнім варыянтамі. 
  Пытанне: Перакладзіце гэты лацінскі корань на любую зразумелую вам 
славянскую мову.
  Адказ: Трава. (Гаворка, вядома ж, пра гарбату. "Тэ" і "ча" - адпаведныя словы з 
кітайскіх дыялектаў - утварылі расійскае "чай" і ангельскае "tea", а польскае herbata 
складаецца з лацінскага herba і кітайскага кораня.)
  Крыніца: ARCHE. Слоўнік Свабоды. №7, 2000. С. 43.
   © Марына Шода.

  19. У старым савецкім фільме "Жыцьцё і дзівосныя прыгоды Рабінзона Круза" з 
Леанідам Кураўлёвым у галоўнай ролі амаль няма ніякіх эфектных рэжысёрскіх і 
сцэнарных знаходак. Галоўны герой, адпаведна з сюжэтам кнігі, самотна змагаецца з 
прыродай, размаўляе з сабакам, вядзе каляндар, вырошчвае злакі, пакутуе ад 
сезонных дажджоў. Знаходкай можа лічыцца хіба што музычнае афармленне 
фільму.
  Пытанне: Мы нават не пытаемся ў вас прозвішча кампазітара. Здагадайцеся, як 
называецца музычны твор, што лейтматывам праходзіць праз увесь фільм.
  Адказ: "Поры году". ("Времена года", канешне ж, прымаюцца. Варыянт адказу 
"Поры году" Чайкоўскага" не прымаецца, бо ў фільме гучыць Вівальдзі.)
  Крыніца: Згаданы фільм.
   © Марына Шода.
  
  20. Сябры ўспамінаюць, што Ул. Караткевіч у нефармальнай абстаноўцы любіў 
называць сябе Фамою, ці нават Фамою Фамічом. Пра адну сустрэчу ў такой вельмі 
нефармальнай абстаноўцы Караткевіч нават напісаў экспромт-чатырохрадкоўе:
  "Мы сядзелі ў Фаміча
  Доўга і цярпліва.
  Стала X як Y,
  І Y як X".
  Пытаньне: замяніце за хвіліну X і Y патрэбнымі словамі.
  Адказ: "піва" і "мача".
             ("Стала піва як мача,
             І мача як піва".)
  Крыніца: Р. Барадулін. З запазухі//Наша Ніва, №29, 2003. С. 15.
   © Андрэй Хадановіч.


Трэці тур:
  
  21. Беларуская газета "Наша Ніва" нядаўна пачала друкаваць праграму 
тэлеперадач. Рэдакцыя газеты падышла да гэтага творча і з гумарам, і ў якасці 
загалоўка над праграмаю выкарыстала назву знакамітага верша, у якой была 
змененая ўсяго адна літара.
  Пытанне: Дык як гучыць загаловак перад праграмай?
  Адказ: "А што там ідзе?"
  Крыніца: Любы нядаўні нумар газеты "Наша Ніва". С. 8-10.
   © Андрэй Хадановіч.
   
  22. На рэкламным банеры "Яndex. Отпуск" намаляваныя двое мастакоў. Адзін з іх 
- Сальвадор Далі - кажа другому: "Увесь кастрычнік загараю ды купаюся. Адчуваю 
сябе…" Здагадаўшыся, кім адчувае сябе С. Далі, вы лёгка ўспомніце і прозвішча яго 
суразмоўцы.
  Пытанне: Назавіце гэтае прозвішча.
  Адказ: Пятроў-Водкін. (Цалкам тэкст Далі ў двукоссі гучыць так: "Увесь 
кастрычнік загараю ды купаюся. Адчуваю сябе чырвоным канём…").
  Крыніца. www.yandex.ru. Банер "Яndex. Отпуск".
   © Міхась Дзёмін. 
  
  23. Маладая пісьменніца Вера Бурлак напісала апавяданне на рускай мове, дзе 
фігуруе сабачка з літаратурным іменем "Гавка" (намёк на Франца Кафку). Пасля яна 
сама пераклала апавяданне на беларускую мову. Каб захаваць гульню з сабачкам па-
беларуску, давялося даць яму новае імя, але таксама літаратурнае.
  Пытаньне: Як звалі сабачку ў беларускай версіі апавядання?
  Адказ: Брэхт. (Вядома, што па-беларуску сабака "брэша".)
   © Андрэй Хадановіч. 
  
  24. Паводле простай логікі, ПЕРШЫ помнік мог бы з'явіцца ў гарадах Браслаў, 
Ваўкавыск альбо Рагачоў, але не так даўно паўстаў у іншым беларускім горадзе. 
ДРУГІ помнік, паводле той жа логікі, сярод беларускіх абласных цэнтраў мог бы 
з'явіцца толькі ў адным - і ў ніводным расійскім, і тым не менш на два гады раней, 
чым ПЕРШЫ, з'явіўся ў г. Ульянаўску.
  Пытанне: праз хвіліну назавіце першы і другі помнікі.
  Адказ: 1. помнік літары "ў"; 2. помнік літары "ё". (У 2001 годзе ў г.Ульянаўску - 
на радзіме Мікалая Карамзіна, аўтара кірылічнай  літары Ё -  быў адкрыты помнік 
гэтай літары, як высветлілася пасля рэформы рускага правапісу, пасмяротны. 
Каманда МІФ шчыра спадзяецца, што такі лёс не напаткае Ў - унікальную літару 
кірылічнага алфавіту, помнік якой быў адкрыты ў Полацку ў верасні 2003 г., 
негледзячы на тое, што літара Ў у назве горада адсутнічае.)
  Крыніцы: Культура, 6 - 13 верасня 2003 г. С.16; Интернет-портал "Ульяновск - 
культурная столица Поволжья" http://www.culturecapital.ru/capitals/ulianovsk/3/17/
   © Марыя Мартысевіч.
  
  25. Часам шырока знаныя прыказкі ды прымаўкі маюць працяг, звычайна - менш 
вядомы. Напрыклад, гэтая прымаўка ў сваім беларускім варыянце заканчваецца так: 
"…горш за дурня Апанаса".
  Пытанне: Напішыце праз хвіліну яе пачатак.
  Адказ: "Ні рыба ні мяса".
  Крыніца: Ф. М. Янкоўскі. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеялагізмы. Мн., 
1962. С. 323.
   © Андрэй Хадановіч.
  
  26. Калі вы згадаеце лёс паэта Гіёма Апалінэра альбо проста ўявіце сабе яшчэ не 
адкаркаваную бутэльку шампанскага, вы лёгка зможаце закончыць верш Рыгора 
Барадуліна "Парыжскае пахмелле":
          "Насцярожанасць настаўляе каўнер.
          Страх у турму ідзе без канвою.
          На стале бутэлька шампанскага, як Апалінэр…"
  Пытанне: Закончыце верш.
  Адказ: "З забінтаванаю галавою". (Варыянт "з перавязанаю…" таксама 
прымаецца.)
  Крыніца: Міхась Скобла. Краса і сіла. Анталогія беларускай паэзіі ХХ стагоддзя. 
Мн., 2003. С. 447.
   © Андрэй Хадановіч.
  
  27. Перад чарговымі выбарамі ва Ўкраіне "каманда" Леаніда Кучмы выпусціла 
своеасаблівы каляндар-плакат пад назваю "Знай нашых!" На плакаце - шмат 
партрэтаў вядомых людзей, звязаных з Украінай. У самым цэнтры, канешне ж, сам 
Леанід Кучма. Вакол яго - гістарычныя фігуры, а таксама знакамітыя сучаснікі - ад 
Уладзіміра Вялікага і Ганны, каралевы Францыі, да Сафіі Ратару і Віталія Клычко.
  Пытанне: А назавіце імёны і прозвішчы двух самых-самых знакамітых, на думку 
Кучмы, украінцаў, размешчаных справа і злева ад прэзідэнта.
  Адказ: Тарас Шаўчэнка і Андрый (Андрэй) Шаўчэнка.
  Крыніца: Каляндар-плакат "Знай нашых!". 
   © Марыя Мартысевіч і Андрэй Хадановіч.

  28. Вершаказы Алеся Разанава - сапраўдныя шэдэўры гукапісу, калі гучанне і 
сэнс ствараюць непарыўнае адзінства. Вось, напрыклад, як заканчваецца вершаказ 
"Каса": "На касу, як на смерць, касавурацца гусакі, на касу сыкае асака, яе кусаюць 
камяні, ад яе адкасоўваюцца кусты, але, вітаючыся з ёю, касу ксціць (т.е. хрысціць) 
касец Ясь і - развітваючыся з ёю - …"
  Пытанне: закончыце вершаказ двума словамі, адно з якіх - уласнае імя.
  Адказ: "касінер Кастусь".
  Крыніца: А. Разанаў. Танец з вужакамі. Мн., 1999. С. 384.
   © Андрэй Хадановіч.
  
  29. Тыматы Снайдэр у кнізе "Рэканструкцыя нацый" сцвярджае, што Юзэф 
Пілсудскі, народжаны на тэрыторыі былога ВКЛ у шляхецкай сям'і, па-польску 
размаўляў дома, па-беларуску - на вуліцы з простымі людзьмі, а па-руску ён 
размаўляў толькі ў тым месцы, пра якое нашыя землякі кажуць, што туды 
адпраўляюць пасвіць сабалёў. 
  Пытанне: А дзе Пілсудскі размаўляў па-руску? (Адказ паспрабуйце сфармуляваць 
дакладна.)
  Адказ: у сібірскай высылцы (ссылцы). (Варыянт "У СІБІРЫ" таксама прымаецца, 
а вось варыянт "У ССЫЛЦЫ" без удакладнення "сібірскай" - не прымаецца, бо 
высылаліся людзі, напрыклад, і на Каўказ.)
  Крыніца: Катлярчук А. Чаму беларусы не апанавалі літоўскай спадчыны//АRCHE, 
№2, 2003. С. 52. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы. Мн., 1962. С. 72.
   © Марына Шода. 
  
  30. Каб скончыць гэтую "бяскрылку" (а разам з ёю і тур) вам спатрэбіцца трохі 
цынізму і "чорнага" гумару, а таксама крыху здаровай самакрытыкі:
         "Вока падбілі - падставім другое.
         Ты не саромься, можаш нагою.
         Біце па нырках, у шыю, у грудзі…"
  Пытанне: Закончыце, калі ласка.
  Адказ: "Мы - беларусы, мірныя людзі".
   © Андрэй Хадановіч.

Hosted by uCoz